ХАТНЯЯ НУТЭЛЛА СА СЛІВАЎ

коўшык 98

ШАКАЛАДНАЕ ПАВІДЛА ДЛЯ ЛЯНІВЫХ



Калісьці нашыя бабулі ставілі гаршчок са слівамі ў печ, пасля таго як спяклі хлеб. Так рабілася самае сапраўднае слівавае павідла. 100% сліваў і ўсё. Цяпер у крамах нас спакушаюць каляровыя слоікі, склад якіх пужае вялікай колькасцю малых літарак і незразумелых Е. Можа гэта будзе для вас натхненнем, каб выкалупаць косткі з некалькіх кіляў сліваў. Для меншай колькасці нават не варта пачынаць. З маіх амаль 3 кіляў выйшлі 3 слоікі. Палічыце самі які «выхад» гатовага прадукту. Але варта, бо гэта рэцэпт для лянівых аматараў сапраўдных салодкасцяў, які я ўзбагаціла шакаладам. Варты граху...

патрэбна:
слівы
шакалад (на кожную кілю сліваў – 100 гр. шакаладу)
какава (на кожную кілю сліваў – 1 лыжка какава)
цярплівасць

Слівы мыем і дастаем косткі. І гэта самая складаная частка нашай працы. Цяпер уключаем духоўку на 170 градусаў. У вялікую бляху з высокімі бартамі (можна і ў рондаль) высыпаем сліўкі. Паміж дзверцамі духоўкі пакідаем драўляную лыжку, бо нам патрэбная шчыліна, каб выпарвала вада. Так смажым павідла каля гадзіны, потым павялічваем тэмпературу да 200 градусаў і так трымаем яшчэ 2 гадзіны. Можна не мяшаць, але можна раз на паўгадзіны памяшаць драўлянай лыжкай, каб слівы смажыліся больш раўнамерна.
На наступны дзень смажым яшчэ раз прыкладна гадзіну на 200 градусаў. Потым дадаем шакалад і какава, дакладна перамешваем (можам нават блендэраваць для больш далікатнай кансістэнцыі), i яшчэ з паўгадзінкі смажым у духоўцы.
Павідла павінна быць густым і цёмным па колеры. Слоікі мыем, выпарваем у духоўцы, накладваем павідла і закручваем покрыўкі. Ну вось і ўсё! Складана?

А праз некалькі месяцаў (тыдняў ці хутчэй дзён...) адкрываем і ласуемся без згрызотаў сумлення. Смачна есці!






Comments

Popular Posts