КАКОСАВЫЯ АБЛОЧКІ З ШАКАЛАДАМ

коўшык 87
КАЛІ ДЗІЦЁ ПРОСІЦЬ...



Дарагія мае чытачы... Гэта цудоўна, калі да ўлюбёных справаў можна вяртацца, а вашыя зычлівыя заахвочванні натхняюць да новых эксперыментаў. Ды вось новы сезон 1000і1коўшыка прашу лічыць адчыненым!

З усіх смакотак мой сын любіць марозіва, шакалад і печыва. Пры нейкай наступнай спакусе ў краме, традыцыйна кажу: «Давай выбярэм нешта больш здаровае, а найлепш зробім самі». Паабяцала – цяпер выкручвайся! Але галоўнае ў гатаванні – гэта добрага забава. Абавязкова далучайце дзяцей)

Важна дадаць, што такі варыянт дэсерту пасуе для тых, хто не ўжывае пшаніцу #безглютэну

патрэбна:

200 гр. какосавых габлюшак
50 гр. сметанковага масла
1/2 шклянкі цукру
3 сталовыя лыжкі малака
2 яечныя бялкі (пакаёвай тэмпературы)
дробка солі
2 чайныя лыжкі кукурузнага крухмалу
горкі шакалад для дэкарацыі


У рондалі на сярэднім агні растопім масла з цукрам. Мяшаем, каб сумесь была гладкая без камкоў. Дададзім малако і здымем з агню. Цяпер усыпем какосавыя габлюшкі, добра перамяшаем ды пакінем адпачыць. Тым часам разагрэем духоўку да 180 градусаў. Процвень пакрыем пергаментам для выпякання. Цяпер узабʼем бялкі з дробкаю солі, каб атрымалася пена лёгкая як аблокі. І наш апошні складнік - крухмал. Ну на прыканцы, далікатна змяшаем какосавую масу з бялкамі. Лыжачкай, змочанай у вадзе, выкладваем невялікія сферы на процівень. Выпякаем 15 хвілін, какоскі павінны быць лёгка залацістыя. Гатовыя аблочкі паліваем растопленым шакаладам. Смачна есці!









Comments

Popular Posts