САМЫ ПРОСТЫ ПІРОГ НА СВЕЦЕ

коўшык 89
У ТАКІ СЕЗОН ТОЛЬКІ З КЛУБНІЦАМІ



У вас таксама так бывае? Хочацца салодкага, але думаць-выдумляць зусім ніяк... У такія моманты, я выбіраю банальна простыя, спраўджаныя рэцэпты. Асабліва люблю такія, дзе не трэба шмат складнікаў;)

А як іх зрабіць незвычайнымі? Дадаць цудоўны смак лета – ягады, рэвень, садавіна. Але на двары трускаўкавы сезон, і абмінуць гэтую тэму я не магла...

Гэты пірог класічны, мяккі, пухнаты, не занадта салодкі. Можа гэты рэцэпт некаторым ужо знаёмы;) А для пачаткоўцаў, гэта цудоўная база для далейшых эксперыментаў.

патрэбна:

4 вялікіх яйка
3/4 шклянкі дробнага цукру
палова шклянкі рапсавага алею (125 мл) ці таплёнага масла
1,5 шклянкі мукі
1,5 чайнай лыжкі разрыхляльніка
некалькі кропель экстракту ванілі
500 – 600 грамаў любой садавіны (у мяне клубніцы)

Усе складнікі павінны быць пакаёвай тэмпературы. Муку з парашком для выпечкі прасеяць. Бялкі аддзяляем ад жаўткоў і ўзбіваем. Потым паступова (!) дадаем цукар, пастаянна ўзбіваючы. У нас атрымліваецца бліскучая пена. Далей дадаем жаўткі і мяшаем. Да яечнай масы ўліваем струменьчык алею, няспынна мяшаючы. Некалькі кропель экстракту ванілі. Цяпер да цеста далікатна дамешваем муку з разрыхляльнікам.

Форму я вылажыла пергаментнай паперай, потым цеста, а садавіну нагару. Выпякаць пры тэмпературы 175 ° С прыблізна 50 хвілінаў. Гатовасць спраўдзім драўлянай палачкай.


Смачна есці!




Comments

Post a Comment

Popular Posts