НАЙЛЕПШАЯ ПАСХА НА ВЯЛІКДЗЕНЬ

коўшык 130
ДРОЖДЖЫ, РАЗЫНКІ І ЦЫТРЫНА

Ніколі не думала, што зраблю гэта. Сапраўдная смачная і не сухая дражджавая пасха – мішн імпосібл. Але не ідзе наперад той, хто нічога не робіць. Скажу я вам, што нават мая свякроў пахваліла. А гэта дарагога каштуе. Карацей закасвайце рукавы – пасха не такая страшная як вам падаецца (але 100 разоў замясіць прыйдзецца). Сакрэт добрай пасхі – салідны вымес – мінімум 20 хвілін. Недзе праз 10 хвілінаў, вашыя рукі будуць страшна балець – таму прыдасца дапамога сяброў ці сямейнікаў. Трэба вымешваць і пакрысе дадаваць алей, тады пасха будзе вільготнай і доўга свежай.

Для стандартнай формы на кекс патрэбна:
500 г мукі
20 г сухіх дрожджаў ці 50 г свежых
1/2 шклянкі цёплага малака
125 г сметанковага масла або маргарыну
2 яйкі
1 яечны жаўток
1 гарбатная лыжчка ванільнага цукру
1/2 шклянкі цукру
цэдра паловы цытрыны
1/2 шклянкі разынак
1/4 шклянкі алею

Дрожджы сухія або свежыя заліваем 2 сталовымі лыжкамі цёплага малака з лыжачкай цукру. Чакаем 5-10 хвілінаў, каб дрожджы запрацавалі.
У вялікую міску прасеем муку, дадамо цукар і ваніль. Масла растопім і астудзім. Яйкі і жаўток змяшаем відэльцам і дадамо ўсе плынныя прадукты – яйкі, алей, малако з дражджамі. Дасыпаем сыпкія і замешваем вялікай лыжкай. Накрываем сурвэткай і пакідаем на 10 хвілінаў. Цяпер замешваем цеста 20 хвілінаў (так, Карл, 20 хвілінаў!!!), паступова дадаем алей. Зноў жа, накрываем сурвэткай і пакідаем на 20 хвілін. Заліваем кіпенем разынкі, праз 5 хвілінаў ваду адліваем, ручніком высушваем разынкі і абвальваем у муцэ. У цеста дадаем разынкі, цытрынавую цэдру (старкаваную скурку цытрыны) і далікатна замешваем. Форму шмаруем маслам і пасыпаем мукой (рэшткі высыпаем). Выкладваем цеста, у сярэдзіне трэба зрабіць дзірку. Пячэм пры тэмпературы 180 ° С на працягу 40-50 мін. Верх павінен быць моцна румяны: калі стане за моцна падпякаць можна накрыць фальгой. Гатовую пасху пакідаем у форме на 15 хвілінаў і толькі тады дастаем. Смачных вам святаў!






Comments

Popular Posts