ЁГУРТ

коўшык 58
Просты, натуральны, хатні



Печыва, салаты, дэсерт, сняданкі, соусы. Мы з'ядаем вялізарную колькасць гэтых прадуктаў. Калі ўлічыць, што ёгурт чамусьці прадаюць у вельмі малой упакоўцы, то становіцца зразумелым: лепей, танней і смачней (а яшчэ як захапляльна) стаць хатнім малочнікам.
Мой ёгурт без дадаткаў. Здаровы, нятлусты, хатні. І, што самае цікавае, для яго не патрэбныя ні спецыяльныя закваскі, ні ёгуртніца. Ды і працы зусім няма. Амаль усё за вас зробяць самыя бактэрыі.
Сакрэты хатняга вырабу ёгурту:
– выбірайце малако тлустае, свежае, пастэрызаванае, а не ўльтрапастэрызаванае;

– чым больш свежы ёгурт, тым больш там працаздольных бактэрый;

– чытайце склад ёгурта ў краме – найлепшы, калі там толькі малако і ёгуртавыя культуры;

– малако не можа быць надта гарачым, бо загінуць бактэрыі і ёгурт можа не атрымацца.
А цяпер робім наш уласны ёгурт.

1 літр малака

5 лыжак натуральнага ёгурту, купленага ў краме.

Малако падагрэем да 40 градусаў.
Хітрык! Градуснік нам не патрэбны. Выкарыстай свой палец. Апусці яго ў рондаль і лічы да 10, калі можаш вытрымаць (але горача), значыць тэмпература адпаведная!

У малако дадаем ёгурт і мяшаем. Слоік варта добра памыць ды стэрылізаваць (проста ўключыць духоўку і пачакаць адкуль пасудзіна высахне). Цяпер няхай слоік астыне, бо занадта гарачы можа забіць нашыя добрыя бактэрыі. Потым проста наліваем малако ў слоік, закручваем, загортваем у каптур ці шалік ды пакідаем у яшчэ цёплай духоўцы на прыкладна 4 гадзіны.
Я часам уключаю духоўку, каб крыху падагрэць. Пасля гэтага часу ёгурт гатовы. Цяпер смела трымай яго ў лядоўні нават 2 тыдні. Не забудзь пакінуць некалькі лыжак на новую партыю. А калі забудзеш, не бяда – маленькі ёгурт можна зноў набыць у краме.

Хітрык! Замест слоіка можна выкарыстаць тэрмас – заліваем цёплае малако з ёгуртам у колбу. Чакаем 4 гадзіны і ёгурт гатовы.
З ёгурту можна зрабіць сметанковы тваражок – дастаткова выліць ёгурт у сіта, прыкрытае марляй, і пачакаць гадзін 10-15. Сыроватка сцячэ.

Калі сырок будзем адцэджваць 5 дзён, атрымаем сапраўдны тварожны сыр. Смачных вам кулінарных эксперыментаў.




Comments

Popular Posts