САЛЕРА-ФРЫ
коўшык 48
«Сельдерей
на ужин – довольна жена мужем»
Салеру часам называюць натуральнаю віяграю. «Сельдерей на
ужин – довольна жена мужем». Перад рамантычным вечарам можна выпіць сок з салеры,
пастарнаку і грушы. Як кажуць адмыслоўцы, пасля гэтага вашыя адносіны з супрацьлеглым
полам зменяцца кардынальна. Думаю, варта паспрабаваць.
У нашай кухні не так часта сустракаем салеру, і варта сітуацыю
змяніць. З гэтага караняплода можна зрабіць пюрэ, якое заменіць бульбяное.
Смачная і салата з салеры, яблыка, морквы ды ёгурту. Абсалютна фантастычны смак
мае паштэт з салеры (рэцэпт знойдзеце тут http://1000i1koushyk.blogspot.com/2013/05/2.html).
Але сёння падзялюся з вамі маім неверагодна простым і геніяльным
адкрыццём. Салера-фры. Так! З салеры можна зрабіць замяняльнік бульбы-фры. Здаровы
і смачны. Мой сын з’еў цэлую талерку, прыгаворваючы: «Я люблю салеру» – і запытаў,
калі зраблю яшчэ.
патрэбна:
салера
соль
салодкая папрыка
алей рапсавы ці які заўгодна іншы
Уключаем духоўку на 160 градусаў. Рыхтаванне зойме 5 хвілінаў:
салеру чысцім, кроім лустамі па паўсантыметра, а потым рэжам уздоўж доўгімі слупкамі
– каб атрымаць форму бульбы-фры. У міску з салераю дадамо некалькі лыжак алею, крыху
пасолім. Сюды ж адправім папрыку і перамяшаем рукамі гэтак, каб салера пакрылася
алеем і спецыямі.
Выкладзем на бляшку і пакінем у духоўцы хвілінаў на 30–40. Салера мае стаць хрусткая звонку і мяккая ўсярэдзіне. Падаем з улюбёным соусам. Я зрабіла часнычна-тварожны. Смачна есці!
Comments
Post a Comment