СВЯТОЧНЫ ПАШТЭТ МАЁЙ СВЯКРОВІ





САЛЕРА Ў ГАЛОЎНАЙ РОЛІ

коўшык 3

Калі ўсыпляю сына, рукі пахнуць салерай. Можа, гэты пах не ўсім даспадобы, але ў сённяшняй страве гэтага паху не адчуваецца. Больш за тое, страва для вегетарыянцаў, і пасля першай спробы цяжка здагадацца, з чаго яе прыгатавалі. Цудоўны і танны варыянт не толькі на святы, але на сняданак і на канапку перад працай.




Патрэбна:


1 вялікая салера

1 вялікая морква

1 цыбуля

2 зубкі часныку
100 г масла
соль
1 грыбны кубік кшталту “Кнор”
2 яйкі
каля 1 шклянкі цёртай сухой булкі або сухароў

Спачатку самае складанае – аскрэбці салеру, моркву, абабраць цыбулю і пацерці на бурачковай тарцы. Пацерці можна, вядома, хутчэй з дапамогаю камбайна. Старкаваную масу перакладаем у рондаль, дадаем паўшклянкі вады, масла, соль і грыбны кубік ды тушым на маленькім агні каля 40 хв. Астуджаем і пасля дадаем яйкі ды сухары (іх колькасць залежыць ад вільготнасці фаршу, ён не павінен быць вадзяністы). Форму выкладаем пергаментам, перакладаем фарш і пасыпаем крыху сухарамі ды сезамам. 






Пакідаем у духоўцы прыкладна на гадзіну ў тэмпературы 180 градусаў. Варта астудзіць, і тады паштэт спакойна вытрымае ў лядоўні каля 4 дзён, хоць у нас заўсёды знікае раней. Смачна есці!






Comments

Popular Posts