КАМУ ШТО, А НАМ ХАТНІЯ БУЛАЧКІ

коўшык 50
МОЙ СНЯДАНАК



У мяне з'явілася новае кулінарнае захапленне. Доўга я баранілася перад выпечкаю хлебных вырабаў, але здарылася гэта знянацку. Проста ў лядоўні ляжаў пачак дражджэй і чакаў. А чаму б не? Я люблю выклікі. Першым быў багет – госці з'елі вельмі хутка. Потым цеста на сапраўдную піццу – тонкую як у Італіі. А ў нядзелю на сняданак мне захацелася булачак. Чаму? Адказ вельмі просты.
Вось склад булкі для гамбургера «на сняданак» (апускаю пытанне: хто ясі гамбургеры на сняданак?) ад Менскхлебпрама: мука пшанічная вышэйшы гатунак, цукар-пясок, дрожджы хлебапякарныя прэсаваныя, соль харчовая павараная ёдаваная (Е536), сумесь для хлеба «тост» (антыакісляльнік: аскарбінавая кіслата, энзімы, стабілізатар: карбанат кальцыю, эмульгатар Е481), маргарын (эмульгатар тоўстых кіслот, кансервант бензанат натрыю, фарбавальнік бэта-каратын), кунжут, вада пітная.
Вы яшчэ не згубілі апетыт?
А вось з чаго я зрабіла булачкі: мука, дрожджы, вада, малако, алей, соль і цукар. Пах ішоў па ўсім доме. А я адчувала сябе адначасова пераможцам і чарадзейкаю. У беларускай традыцыі менавіта жанчыны займаліся пячэннем. Хоць звыклыя нам сёння пшанічныя вырабы былі для сялянаў хутчэй недасяжнымі. Цяпер жа беларускі хлеб – найтаннейшы ў рэгіёне. Міністр гандлю прызнаў яго самым нерэнтабельным прадуктам. На выпечцы мы не зэканомім, але атрымаем масу пазітыўных эмоцыяў і натуральны смак.

На 12 булак патрэбна:
600 г пшанічнай мукі (наша любімая камбінацыя складае 500 г пшанічнай + 100 г жытняй з цэльнага зерня)
35 г свежых дражджэй
200 мл цёплай вады
200 мл малака
4 сталовых лыжкі расліннага алею
1 лыжачка цукру
1 лыжачка солі

Усыпаем муку ў міску, зробім паглыбленне ў сярэдзіне, дадамо дражджэй у маленькіх кавалачках, пасыпаем цукрам, развядзем цёплым малаком з вадою. Добра замесім. Пакінем у цёплым месцы на 10 хвілін.
Дадамо соль і алей. Замесім цеста да гладкай кансістэнцыі і пакінем яшчэ на 10 хвілін. Цеста зноў падыдзе. Падзелім яго на 12 роўных частак. З кожнай сфармуем круглай формы булачку і выкладзем на нагрэтую бляшку. Пакуль зробім усе булачкі яны яшчэ падыдуць. Трэба ім даць яшчэ хвілін 5-10. Перад выпечкай булачкі можна надрэзаць, памазаць малаком і пасыпаць зярняткамі.

Выпякаць у духоўцы, папярэдне нагрэтай да 200 градусаў на працягу 15-20 хвілінаў. Смачна есці!





Comments

  1. крок па кроку і ўжо 50... маленькі юбілей...

    ReplyDelete

Post a Comment

Popular Posts