САЛАТА-КАРЫ З ПАЛТУСАМ

коўшык 45
ЯШЧЭ РАЗ ДУЭТ АВАКАДА–ГРЭЙПФРУТ



Папярэдняя салата мне так спадабалася, што я захацела зрабіць яшчэ адну версію стравы з авакада і грэйпфрутам. Смак атрымаўся зусім іншы. Неверагодна, як змена дрэсінгу можа цалкам змяніць салату!

патрэбна:
лісце салаты
400 г палтусу
авакада
грэйпфрут
гарбузовыя семкі
куркума
цытрына

на дрэсінг:
100 г натуральнага ёгурту
лыжачка кары
соль
зубок часныку

Палтус мыем, рэжам на кавалкі. Дадаем крыху перца, старкаванай скуркі цытрыны ды куркумы. Хвілінаў 10–15 запякаем у духоўцы ў фользе.

Семкі крыху падсмажым на сухой патэльні. Без тлушчу! Гэтак яны стануць больш крохкія і смачныя.


Мыем лісце салаты і сушым папяровым ці проста чыстым ручніком. З грэйпфрута ды авакада здымаем скурку і рэжам іх на кавалкі. Робім дрэсінг: у місцы мяшаем натуральны ёгурт, кары, старкаваны зубок часныку і дробку солі.

У місцы рукамі мяшаем лісцікі з дрэсінгам (прыкладна чвэрць дрэсінгу пакінем). Выкладаем на талеркі спачатку лісце салаты, потым кавалачкі авакада і грэйпфруту. У гэты час дастаем рыбу з духоўкі ды яшчэ гарачую кладзем на вяршыню нашай горкі. Пасыпаем семкамі. І традыцыйна сканчаем салату некалькімі кроплямі кары-дрэсінгу. 20 хвілінаў – і вячэра гатовая! Смачна есці!




Comments

Popular Posts