ЯГЛІКІ АЛЬБО ПЛЯЦКІ З ПШОНКІ
коўшык 46
Хто такія яглі?
Гэта старадаўняя назва кашы з проса, якую ведалі нават у 19 стагоддзі. З проса
варылі поліўкі на малацэ ці яглі елі з мясам. Сёння пра проса мы крыху забылі. Але
я настойліва буду вас заахвочваць есці кашы. Нудна, скажаце вы. Лухта! З кашаў можна
зрабіць усё што заўгодна. Сёння зробім аладкі з проса – добры перакус падчас працы
ці падвячорак для дзяцей.
Яглікі я раблю тады, калі ў мяне засталася каша з учора.
патрэбна:
2 шклянкі гатаванага проса
яйка
вяленыя памідоры (ці морква)
соль
перац
дробка куркумы
2–3 лыжкі вотруб’я
рапсавы алей
соус:
100 г натуральнага ёгурту
2 лыжачкі хрэну
дробка солі
У місцы змешваем усе складнікі. Я дадала для смаку вяленыя памідоры, але спакойна
можна замяніць іх старкаванаю моркваю. Залежыць ад таго, што маеце ў лядоўні. Аладкі
фармуем рукамі ды смажым на рапсавым алеі. Важна: алеем трэба толькі трошкі змазаць
патэльню, аладкі не мусяць плаваць у тлушчы. Памятайце, у кожнай лыжцы алею – каля
90 калорыяў, таму тлушч варта мінімізаваць. Калі алей пераліць у бутэльку з распыляльнікам,
расход будзе меншы.
Смажым аладкі на патэльні да залатога колеру. Падаем з соусам, які вельмі лёгка
зрабіць: проста змяшаем інгрэдыенты. Смачна есці!
Comments
Post a Comment