МОРКВА НА ГАРНІР
коўшык 47
ПАМАРАНЧАВЫЯ І ТУТ, І ТАМ!
ПАМАРАНЧАВЫЯ І ТУТ, І ТАМ!
Цяпер морква стала хутчэй дадаткам да іншых страваў. Прапаноўваю
сёння ўзнесці яе на п'едэстал. І так, на абед – катлеткі з морквай і гарнір з морквы
– на французскі манер. Крыху павараная морквачка – вельмі смачная і з поспехам можа
замяніць традыцыйную бульбу. Да таго ж яна больш карысная (вітаміны А, В1, В2, В6,
Е плюс кальцый, жалеза, медзь, фосфар і пекцін) ды менш каларыйная (толькі 35 ккл
у 100 г). Паводле дыетолагаў, штодня трэба імкнуцца есці 5 порцыяў гародніны. У
нашых умовах гэта даволі складана, але давайце зробім першы крок.
Патрэбна на катлеты:
паўкілі фаршу з цяляціны
1 цыбуліна (старкаваная)
1 морквіна (старкаваная на дробнай тарцы)
1 яйка
соль
перац
на гарнір:
прыкладна па 2–3 морквіны на асобу
вяршковае масла
соль
цукар
шкурка цытрыны
чабор
на соўс:
100 г ёгурту натуральнага ці смятаны
2–3 лыжачкі хрэну
соль
У місцы змешваем усе інгрэдыенты на катлеты. Калі фарш занадта
густы, можна дадаць яшчэ адно яйка, калі рэдкаваты – некалькі лыжак вотруб'я. Добра
замешваем і фармуем невялікі катлеткі. Можна смажыць на патэльні на алеі, а можна
запячы ў духоўцы (атрымаюцца сухаватыя, але здаравейшыя).
Моркву скрабем, кроім лустачкамі па дыяганалі, прыкладна па
паўсантыметра. Гатуем з соллю і лыжачкаю цукру каля 5–7 хвілінаў. Морква не павінна
разварыцца, няхай злёгку захавае цвёрдасць. І апошні крок – на патэльні 3 хвілінкі
падсмажваем моркву на масле, дадаем чабор і старкаваную шкурку цытрыны.
І яшчэ адзін сакрэт. Морква вельмі любіць хрэн, гэта значыць,
што добра спалучаецца з ім смакам. Таму да абеду зробім лёгкі соус з хрэнам: змяшаем
ёгурт і некалькі лыжак старкаванага хрэну, пасолім.
Цяпер выкладаем на талерку і завем сямейнікаў! Смачна і здорава
вам есці!
Comments
Post a Comment