СОЧЫВА СА СЛІВАЎ

коўшык 44
варым павідла і закатваем слоік!









Традыцыйнае сочыва ў нашых слоіках – гэта, вядома, садавіна, але і кілаграмы цукру. Таму сёння зробім павідла зусім без цукру. Павідла лепш рабіць у апошнія дні верасня ці на пачатку кастрычніка, калі слівы ўжо крыху зморшчаныя, – тады яны набралі столькі слодычы, што цукар нам зусім не спатрэбіцца. Гадоў недзе 350 таму, а мо нават болей, павідла са сліваў рабілі менавіта так!
Патрэбна:
слівы – колькі маеце
Слівы мыем, разразаем напалову і дастаем косткі. Перасыпаем у даволі вялікі рондаль, ставім на невялікі агонь, час ад часу памешваем. Першы дзень варым некалькі гадзінаў. Садавіна пусціць сок, зменшыцца аб’ём, рэчыва загусцее.
На другі дзень ізноў варым гадзінку-другую. Памятаем, што трэба памешваць.
І ў апошні дзень – яшчэ раз. З кілі сліваў выходзіць каля 300 грамаў сакавітага сочыва.
Павідла будзе гатовае, як стане карычневага колеру, а калі набярэш лыжкаю, будзе з яе спадаць вялікімі кавалкамі. Яшчэ гарачае сочыва перакладваем у слоікі і закатваем (ці закрываем звычайнымі пластмасавымі накрыўкамі). Пераварочваем дагары дном і чакаем, каб астыла. Захоўваем у прахалодным цёмным месцы. Няма нічога лепшага, чым сняданак з аўсянкі ці тваражку са слівавым сочывам. Смачна есці!


Comments

Popular Posts