СВЯТОЧНЫЯ ПЕРНІКІ ПАВОДЛЕ ВОЛІ ГАРДЗЕЙЧЫК
коўшык 25
НАЙЛЕПШАЯ
ЗАБАВА Ў КУХНІ
Перад
святамі абавязкова зрабіце пернікі! З сябрамі ці з дзеткамі. Праца вельмі
творчая і смачная. А які пах ва ўсім доме!.. Трэба зарэзерваваць прынамсі 3 гадзіны
і вызваліць вялікі стол для працы. Гатовыя пернічкі паскладайце ў слоікі, каб
так і захоўваліся да Калядаў. Хоць цяжка ўтрымацца і не з’есці іх раней.
патрэбна:
500 г мукі
пачак
прыправы для пернікаў
350 г мёду
75 г масла
лыжачка соды
на
ўпрыгожванне:
шакалад
какосавыя стружкі
пялёсткі
мігдалу
мак
эмэмдэмсы
каляровыя
пасыпкі
У муку насыплем
прыправы для пернікаў, а калі няма, то з хатніх – карыцы, гваздзікоў, крышанку
кмену і лаўровага ліста, лыжачку соды і паўшклянкі цукру. Уліем слоік мёду,
дадамо чвэрць пачка масла. Замяшаем рукамі на стале. Цеста – крохкае, будзе
рассыпацца, але гэта нічога, мясіце далей. Галоўнае, каб не клеілася да рук,
дадавайце пакрысе муку.
Дошку пасыплем
мукой, адрэжам ад цеста невялікі кавалак, раскатаем яго і выражам пернікі. Бляхі
памажам маслам і пасыплем мукой або засцелем пергамінам і выкладзем пернічкі.
Пекчы будзем у разагрэтай (!) на 180 градусаў духоўцы каля 15 хв., лепш недатрымаць, чым ператрымаць, бо мёд хутка цямнее. Здымаем цёплыя, асцярожна, па адным, нажом, бо крохкія і паломяцца. Раскладзем на роўнай паверхні. Калі астынуць, паліем шакаладам ці джэмам. На цёплы шакалад дзеці ўжо самі разбяруцца, што прыклеіць, пастаўце толькі перад імі сподачкі з эмэмдэмсамі, разынкамі, гарэшкамі і г. д. Смачна есці!
Comments
Post a Comment