КУРЫНЫЯ КАВАЛАЧКІ З ГРЭЙПФРУТАВА-МАЛІНАВЫМ СОУСАМ
коўшык 23
СМачненька вітамінізуемся!
Брррр... Такое надвор’е,
што падаецца, па вуліцах ходзяць толькі вірусы. Таму варта, каб на нашую
талерку трапіла як мага болей вітамінаў з садавіны і гародніны. Як есці цёпла, смачна
і не тлуста? На вока трапіў грэйпфрут. Вельмі здаровы і нізкакаларыйны. І вось
што ў мяне атрымалася. Як сказаў мой муж, адна з найлепшых маіх страваў. Я
пачырванела...
P.S. У імправізацыі
галоўнае – натхненне J
Патрэбна:
2 пелькі (курыныя грудкі)
паўтара грэйпфрута
паўшклянкі малінавага
соку
1 авакада
2 вялікія памідоры
соль
перац
аліўкавы алей
Спачатку парэжам пелькі
на доўгія кавалкі і зробім марынад. Выціснем палову грэйпфрута, дадамо 50 г
аліўкавага алею, соль, перац, чабор. Добра перамяшаем і прасочым, каб марынад пакрыў
усю курыцу. Пакінем прынамсі на паўгадзіны.
Тым часам зробім салату.
Авакада абярэм і пакроім кубікамі. Тое самае зробім з памідорамі. Палову грэйпфрута
акуратна ачысцім ад белай скуркі і пакроім на невялікія кавалкі. Усё перамяшаем,
дадамо крыху аліўкавага алею, солі і чорнага змолатага ў млынку перцу.
Патэльню-грыль добра
разагрэем. Алею я не дадаю, бо ён ёсць у марынадзе. На вялікім агню будзем
смажыць куру каля 5 хвілінаў з кожнага боку (час залежыць ад памеру кавалкаў).
Як будзе гатовая, кавалачкі завернем у фольгу, каб адпачылі. А на патэльні (не трэба
мыць пасля смажання) зробім соус: наліем малінавы сок і сок з паловы грэйпфрута
ды будзем трымаць на агні, каб вадкасць пачала выпарвацца. Трэба пачакаць, каб
соус стаў густым, як мёд. Урэшце гатова. Выкладайма на талеркі, і смачна есці!
Comments
Post a Comment