ЯЙКІ ПА-ГУБЕРТАЎСКУ


коўшык 16

Наш адказ  Бэнэдыкту



Яйкі ў кашульках, або яйкі па-бэнэдыктаўску ўражваюць самых спакушаных гурманаў. І падаюцца вельмі складанымі ў выкананні. Калі ў мяне госці, і трэба зрабіць эфектны сняданак, то рыхтую менавіта гэтую сакрэтную зброю. Мой рэцэпт розніцца ад класічнай версіі тым, што ён фітнэс. Замест белай булкі – чорны хлеб, замест бекону – ласось і без тлустага галандскага соусу. Вадкае золата жаўтка, што разліваецца па талерцы, – самы цудоўны дадатак! Нічога болей не патрэбна.

P. S. Гэтая версія дызайнерскіх лусценяў прысвячаецца Лёшы Мінчонку!

А вось што патрэбна:

4 яйкі
50 г (можна болей) вэнджанага ласося
2 лусты чорнага хлеба
2 ліскі салаты
тваражок
1 памідор
воцат
пармезан (неабавязкова)

Прапаноўваю спачатку падрыхтаваць усе складнікі канапкі. Хлеб падсмажыць у тостары, намазаць тваражком. Зверху ліст салаты і ласось. На ласось – кружок памідора. Калі навучыцеся гатаваць яйкі ў кашульках, усё будзеце рабіць адначасова.

Цяпер нашую раскошную вежу ўвянчаем яйкам. У рондалі закіпяцім ваду. У кіпень дадамо 2–3 сталовыя лыжкі воцату. Цяпер чары-мары! Яйка разаб’ем у невялікі кубачак. Ваду замяшаем у адным кірунку, каб утварылася варонка, і хуценька ў яе уліваем яйка. 




Яно гатуецца хвіліны тры. Бялок павінен зварыцца, а жаўток застацца вадкім. Асцярожна вымаем вялікаю лыжкай. Я выкладаю спачатку у міску і закрываю накрыўкай – каб было даўжэй цёплае. Такім самым чынам варым наступнае яйка. Калі ўсе яйкі гатовыя, выкладваем іх на лусцені. Можна для балаўства зверху пасыпаць цёртым пармезанам ці іншым сырам. Смачна есці!





Comments

Popular Posts