МАМА МІЯ, КАНТУЧЫНІ!
коўшык 15
Класічнае італьянскае печыва, якое любіць каву
Упершыню пакаштавала ў Тасканіі, пазней купляла да кавы (як найменш шкодны
або самы дыетычны дэсерт), потым цётка Рэгіна на нейкае сямейнае мерапрыемства
прывезла цэлы слоік і па сакрэце
расказала, што рэцэпт вельмі просты.
Асаблівасць кантучыні (cantuccini) у тым, што печыва мае вельмі доўгі
тэрмін захоўвання. Гэта такія сухарыкі па-багатаму. Ёсць яшчэ біскоцці – яны
большыя і з сухафруктамі. Іх мачаюць у каву ці дэсертнае віно. Можна грызці і
так ды запіваць малаком! Ёсць тут адзін сакрэт: італьянскія сухарыкі трэба пячы
двойчы, менавіта таму іх называюць bis coctus (у перакладзе “печаныя двойчы”). Рэцэпт сапраўды геніяльны
ў сваёй прастаце, а смак... заахвочваю пакаштаваць. Кантучыні не могуць не
атрымацца, калі не падгараць. Дзякую, цётка Рэня!
патрэбна:
250 г мукі
лыжачка парашку для пячэння
крыху солі
скурка з цытрыны (ці памаранча)
100 г цукру (я заўсёды кладу менш, чым трэба паводле арыгінальнага рэцэпту)
2 яйкі
лыжка масла
150 г міндаля
ванільны ці міндальны цукар
Міндаль злёгку падсмажым на патэльні, каб быў больш крохкі і смачнейшы. Як
астудзіцца, то вострым нажом пасячэм на паловы ці чвэрці. Кавалачкі не мусяць
быць аднолькавыя, але лепш, каб засталіся значных памераў. Я наагул зрабіла з
цэлымі гарэшкамі, але цеста было цяжка мясіць.
У міску змесцім усе сыпкія складнікі: муку, соль, цукар, парашок для пячэння.
Дадамо старкаваную скурку з адной цытрыны ці памаранча і ладную лыжку масла.
Усе гэта добра памнем і перамяшаем. Цудоўна гэта зробяць дзіцячыя ручкі! Цяпер
чарга 2 яек, і яшчэ раз добра перамяшаем. Спачатку падаецца, што цеста не
клеіцца, але... крыху цярплівасці. Праз некалькі хвілінаў яно стане эластычнае.
Апошні дадатак, міндаль, – і апошні замес. Пасля цеста павінна з паўгадзіны
адпачыць у лядоўні. Халоднае цеста яшчэ раз добра разагрэем рукамі і сфармуем 4
каўбаскі дыяметрам каля 2 сантыметраў, крыху іх прыплюснем. Пашмаруем малаком і
будзем пекчы каля 20 хвіляў на 160 градусах. Як каўбаскі стануць залацістыя і
даволі цвёрдыя, дастанем і яшчэ гарачыя пакроім на лустачкі 1–2 сантыметры –
гэта і ёсць кантучыні!
Цяпер цягам 10 хвіляў падсушым на 150 градусах. Варыце каву
і смачна есці!
Comments
Post a Comment