ІСПАНСКАЯ ТАРТЫЛЛЯ


коўшык 12

tortilla de papatas por favor!



У Краіне Баскаў пінчас (pinchos па-каталонску, pintxo на мове баскаў) – гэта цэлая культура. Не толькі гастранамічная, але і сацыяльная. Пінча – маленькая закуска на зубачыстцы, звычайна кавалак багету з рыбай, тартылляй дэ пататас, кракетамі ці цукініяй. Варыянтаў тысячы.
Калі заходзіш у бар, то ад колькасці і разнастайнасці пінчас вочы разбягаюцца. Усё стаіць на барнай стойцы – еж колькі хочаш. Потым бармен лічыць зубачысткі, і плаціш адпаведна.
Радзімай пінчас лічыцца Сан-Сэбаст’ян, там я і зрабіла гэтыя здымкі.




А яшчэ там праводзяць адмысловыя спаборніцтвы, чые пінчас самыя лепшыя.
Класічны пінча – безумоўна з тартылляй. На сняданак з кавай, а пазней з келішкам белага віна!




патрэбна:
4–5 вараных бульбінаў
4–5 яек
соль
перац




Бульбу парэжам тоненькімі лустачкамі, падсмажым злёгку на аліўкавым алеі. Яйкі з соллю і перцам узаб’ем блэндарам. У міску дадамо падрумяненую бульбу. Добра перамяшаем. Масу выліем на невялікую патэльню з добрым пакрыццём, каб не прыставала. Смажым хвілінаў 10, назіраем, калі яйкі загусцеюць. Накрыем патэльню вялікай талеркай, перагарнем. З талеркі тартыллю ссунем ізноў на патэльню і падсмажым з другога боку яшчэ хвіліны 3, на невялікім агні. Цяпер ізноў перавернем на талерку – і можна есці! З багетам, як у Іспаніі, ці без. Аказваецца, іспанцы любяць бульбу не менш за беларусаў. Смачна есці!


Comments

Popular Posts