ВЕЛЬМІ ЗЯЛЁНАЯ САЛАТА З КУРАЙ
коўшык 10
ЛЕТНІ ЛАНЧ-ТАЙМ
Салаты – пэўна, найбольш адпаведная форма абеду ўлетку. Спрыяюць гэтаму
спякота і багацце рознакаляровых вітамінных бомбаў проста з гароду. У салатах я
асабіста люблю нечаканыя спалучэнні смакаў і фактураў. Сёння прапаноўваю страву
лёгкую, але вельмі сытную і смачную. Салата атрымалася ў мяне зялёная, аднак
дастатковая для абеду нават вялікага мужчыны.
Патрэбна:
лісткі салаты (я
выкарыстала рукалу)
2 гуркі
кальрабі
гарэшкі кеш’ю
пелькі (курыныя
грудкі)
соль
перац
чабор
на дрэсінг:
50–70 г аліўкавага
алею
лыжка мёду
лыжка гарчыцы
Добра разагрэем патэльню-грыль, літаральна 3 хвілінкі пасмажым кеш’ю. Патэльню
змажам аліўкавым алеем. Курку паперчым, пасолім і будзем смажыць з чаборам недзе
10 хв. з кожнага боку, каб стала залацістая, але не высахла ўсярэдзіне.
Лісткі салаты памыем. Рукалу рэзаць не трэба, а вось звычайную салату лепш
парваць на меншыя шматкі. Гуркі і кальрабі накроім саломкаю.
Усе складнікі дрэсінгу змяшаем. Падказка: для гэтага найлепш выкарыстаць
невялікі слоік з накрыўкаю. Ён дзеіць як адмысловая прылада для кактэйляў,
шэйкер, – вельмі зручна трэсці і змешваецца ўсё ідэальна.
На вялікую талерку выкладзем спачатку лісткі салаты, потым гуркі і кальрабі,
на ўсё гэтае – яшчэ цёплую парэзаную курыцу. Паліем дрэсінгам і пасыплем
гарэшкамі. Смачна есці!
Comments
Post a Comment