АМЕРЫКАНСКІЯ ПАНКЕЙКІ


коўшык 8

Усе любяць бліны!








Добрыя пляцкі я навучылася рабіць не адразу. Было шмат эксперыментаў, пакуль не натрапіла на амерыканскую версію блінцоў. Робяцца вельмі лёгка і заўсёды атрымліваюцца. У ЗША іх звычайна падаюць з кляновым сіропам, я – з мёдам, сочывам, свежымі ягадамі і цукроваю пудрай.


Патрэбна:

шклянка кефіру (біфітату, ёгурту натуральнага)
1 + 1/3 шклянкі мукі
1/3 шклянкі сланечнікавага алею
2 яйкі
паўлыжкі соды ці парашку для пячэння
2 лыжкі цукру

Усе складнікі змяшаць у блэндары. Гатовае цеста мае быць як смятана, калі занадта рэдкае – дадайце яшчэ лыжку-дзве мукі. Галоўнае, правільна смажыць панкейкі. Патэльню разагрэць. Дадатковага тлушчу не трэба – ён ужо ёсць у цесце. Выкладаць на патэльню лыжкаю. Бліны мусяць быць прынамсі ўдвая большыя за аладкі. 



Смажыць на сярэднім агні, каб колер быў залацісты, а не карычневы. Падказка: пасля таго, як выклалі цеста на патэльню, дачакайцеся, пакуль на паверхні пляцкі будуць бачныя бурбалкі і яна падыдзе – тады смела пераварочвайце і літаральна праз паўхвілі здымайце. Гэта істотна, бо калі зарана перавернеш, то капрызныя панкейкі не будуць высокімі ды пухнатымі. Амерыканцы іх выкладаюць на талерку вежачкай, і я раблю так сама. Смачна есці!




Popular Posts