КУРЫЦА Ў ЁГУРТАВЫХ АБЛОКАХ


Па(есці)лёгка з сонечным акцэнтам

коўшык 5

Часам не хочацца мудрыць, тады можна з’есці нешта простае. Абед для тых, хто памятае не толькі пра свой страўнік, але і фігуру. Адно з правілаў маёй кухні – імкнуцца не спалучаць вугляводы з бялкамі. Шмат гародніны, мінімум тлушчу і свежы смак з трох кампанентаў: курыцы, дыпу і салаты. Урэшце, мы не толькі ўяўляем з сябе тое, што мы ямо, мы і думаем так, як мы ямо. Даказалі гэта навукоўцы, а таму варта кухарыць з галавой. Болей жа пра ўплыў ежы не толькі на нашае цела, але і на мазгі абяцаю распавесці ў наступных коўшыках...



Патрэбна:

Мяса і марынад:
курыныя грудкі, або, па-нашаму, пелькі
сок з паловы памаранча
скурка траціны цытрыны
чабор
аліўкавы алей
крыху солі
перац

дып:
натуральны (грэцкі) ёгурт
гурок
часнык
мята
крыху солі

салата:
2 морквы
яблык
натуральны ёгурт
міндаль у шматках

У сок з памаранча дадамо скурку цытрыны, некалькіх лыжак аліўкавага алею, дзве галінкі чабору – і замарынуем у гэтым мяса курыцы. Не забудземся на соль і чорны перац. Так пакінем у лядоўні мінімальна на 20 хв.



Тым часам зробім дып. Гурок патаркуем, выціснем сок. Часнык здробнім. Далей проста змяшаем ёгурт (у багатай версіі можна ужыць грэцкі) з гурком, часныком, жменяй раздробненай мяты. Крыху пасолім – і таксама ў лядоўню.

Яблык і моркву памыем і падзярэм на бурачковай тарцы. І зноў наш герой – заменнік смятаны і маянэзу - ёгурт. Колькасць – на вока! Сюды ж крыху солі і 50 г злёгку падсмажанага міндаля ў шматках (можна замяніць іншымі гарэхамі ці семкамі).

Патэльню-грыль добра разагрэем. Курку будзем смажыць прыкладна 10 хв з кожнага боку, мае быць залацістая звонку і сакавітая ўсярэдзіне. Выкладаем на талерку – і можна спажываць у неабмежаванай колькасці без згрызотаў сумлення. Смачна есці!






Popular Posts