ТАРТ СА СПАРЖАЙ І АНЧОУСАМІ


коўшык 7

адважнае спалучэнне Францыі ДЫ ІСПАНІІ

Гэты рэцэпт – як паштоўка з вакацыяў. Каляровы, сакавіты і поўны экзатычных смакаў. Паўгода таму мы былі на Маёрцы. У гэтую выспу, яе прыгажосць і смакі я проста закахалася. З падарожжаў не прывожу сувеніраў, а прывожу ежу. З Маёркі дахаты прыехаў хамон (jamon serrano, іхная шынка), авечы сыр манчэга (manchego), марская соль і бляшаначка анчоусаў. З усяго пералічанага засталіся соль і маленькія салёныя рыбкі. Нарэшце і яны дачакаліся свайго часу, а я з задавальненнем узгадала гасцінную іспанскую выспу. Хоць варта ўзгадаць, што сам тарт (tarte) завітаў на наш стол з французскай кухні.


Крыху насуперак прынцыпам майго блогу прапаноўваю вам тарт са спаржай і анчоусамі – адважнае спалучэнне смакаў. Але адразу папярэджваю: і першае, і другое можна замяніць іншым дуэтам, напрыклад, чырвоная папрыка і сулугуні, груша і сыр з блакітнаю цвіллю, малады цукіні і пармезан ці літоўскі “Джугас”, ласось і мацарэла. Кухня – гэта тое месца, дзе трэба эксперыментаваць.

Патрэбна:
слоенае цеста (я выкарыстала гатовае)
3 яйкі
100 г натуральнага ёгурту ці смятаны
соль
чорны перац
10 зялёных спаржынаў
бляшанка анчоусаў

Cлоеным цестам выкласці форму, пракалоць відэльцам і паставіць у духоўку хвілінак на 10–15. Тым часам узбіць яйкі з ёгуртам, пасаліць і паперчыць. Спаржу памыць. Зялёную не трэба чысціць, толькі адламаць зацвярдзелыя канцы. Падказка: яны ломяцца якраз у адпаведным месцы. Калі ваша форма круглая, то спаржу разрэжце напалам. Калі чатырохкутная, можна палажыць адну ля адной. Тут сіметрыя выглядае вельмі прыгожа. Заліць яечнаю масай. Зверху ўпрыгожыць рыбкамі. Запякаць пры тэмпературы 175 градусаў каля 30 хвілінаў. Смачна есці!



Popular Posts