БРУСКЕТА З БАЗІЛІКАМ
сонечны сняданак
коўшык 4
Летні сняданак на балконе стаў рэальнасцю. Апрача
зялёнай гарбаты і смажаных яек зрабіла брускету з базілікам. Гэта адзін з відаў
італьянскай закускі. 2 лютага ў горадзе Спэллё (Spello), што ўва Умбрыі (Umbria), нават адзначаюць свята – Sagra de la bruschetta.
Ёсць безліч варыянтаў таставанага хлеба з дадаткамі (з аліўкамі, каперсамі,
анчоўсамі, гарэхамі, пармезанам, мацарэлай і нават крэветкамі). Найбольш люблю
менавіта гэты – самы просты і смачны, прапаноўваю пачаць з яго, а потым смела
эксперыментаваць.
Патрэбна:
белы хлеб (чыяабата, багет або нават звычайны
лаваш)
2 вялікія памідоры
жменя лісткоў базіліку
аліўкавая алея
чорны перац
соль
часнык
Вядома, найлепш смакуюць добра саспелыя памідоры.
Іх і трэба парэзаць невялікімі кубікамі. Пасекчы базілік. Усе змяшаць, паліць
аліўкавай алеяй (некалькі сталовых лыжак), пасаліць і паперчыць. Добра было б,
каб прынамсі 5–10 хвілінаў страва пастаяла і смакі спалучыліся. Хлеб пакроіць на лусты таўшчынёю прыкладна 1 см, падсмажыць у
тостэры ці ў духоўцы. Калі не ідзяце на працу, можна нацерці часныком. На хлеб
выкласьці памідоры. І не трэба чакаць – спажываць адразу і з апетытам! Смачна
есці!
Comments
Post a Comment