КІВІ-КЕКС, ЯКІ ЎПАЎ У РОНДАЛЬ З ШАКАЛАДАМ


У ЧАКАННІ ЛЕТА

коўшык 1

На кулінарныя подзвігі мяне часта натхняе тое, што даўно ляжыць у лядоўні. Гэтым разам кошычак ківі так і прасіў: “З'еш мяне!” Трэба нешта з гэтым зрабіць – падумала я. І voilà, аказваецца, з ківі можна зрабіць кекс, які ідэальна пасуе да філіжанкі кавы.

P.S. Як толькі я пачала пісаць гэты пост, у вакно зазірнула сонейка.




Цеста:

3 яйкі
0,5 шклянкі цукру
3/4 шклянкі алею
лыжка ванільнага цукру
4 саспелыя ківі
1,5 шклянкі мукі
1 лыжачка парашку для пячэння
крышачку солі

Паліўка:
плітка шакаладу (найлепш горкага)
50 г масла

Пачынаем з уключэння пякарні на 180 градусаў, бо рэшта робіцца вельмі хутка.
Яйкі ўзбіваем з цукрам, дадаем алею. У іншай місцы мяшаем муку, парашок для пячэння і соль. І спалучаем усе разам. Ківі трэба пачысціць ад скуркі і парэзаць на невялікія кавалкі. Адзін ківі нарэзаць тонкімі колцамі ды пакінуць для ўпрыгажэння. Асцярожна, але дакладна перамяшаць зялёныя кавалачкі з цестам. Мне падаецца, што для гэтага кекса найбольш пасуе доўгая форма. Я выкарыстала адмысловы пергамент, але можна проста пашмараваць маслам і абсыпаць манкаю. Усё! Цяпер у печ – і чакаць каля гадзіны (раю спраўджваць, каб не падгарэў).



Цяпер час зрабіць шакаладную паліўку. У рондалі растопліваем шакалад і масла, памешваем. Калі занадта густа, можна дадаць крыху малака. Варта крыху пачакаць: каб кексік астыў. А потым на ім выкладваем прыгожа кавалачкі ківі ды шчодра паліваем шакаладам! Смачна есці!

Comments

Popular Posts