ПАМАРАНЧАВАЯ ПОЛІЎКА З САЧЫЎКІ І МОРКВЫ
коўшык 117
СЫТНЫ СУП
Натхнілася
я арыентальнымі супамі. Не ведаю чаму,
але такія экзатычныя і вострыя, мне
смакуюць найболей. Але можна іх зрабіць
з таго, што ёсць пад рукой. Зусім не
патрэбныя дарагія складнікі. Ды і дзе
іх шукаць па ўсім горадзе... А тое, з чаго
складаецца гэты суп, я мела ў лядоўні і
на кухні. А вынік такі, што можна праглынуць
язык...
патрэбна:
паўшклянкі
чырвонай сачавіцы (сачыўкі)
2
вялікія морквы
кавалак
караню салеры
цыбуля
зубок
часныку
кмен
кумін
зіра (рымскі кмен)
свежы
імбір
вострая
папрыка
куркума
соль
какосавы
алей (можа быць любы іншы)
Каб
падкрэсліць водары прыправаў у рондлі
(без алею) падсмажваем па дробцы куркумы,
папрыкі, зіры і кмену. Тым часам кроім
цыбулю, сантыметр імбіру і зубок часныку,
дадаем у рондаль разам з лыжкай алею і
смажым пакуль цыбуля стане празрыстай.
Моркву і салеру мыем, чысцім і кроім
кубікамі, дадаем у рондаль. Хвілін 5
смажым. Сачыўку мыем і дадаем у рондаль.
Заліваем вадой сантыметраў 5 над
гароднінай. Гатуем да мяккасці (хвілін
15). Час ад часу правяраем ці сачавіца не
«выпіла» усю ваду, тады даліваем яшчэ.
Гатовы суп міксуем блэндарам. Падаем з
лыжкай смятаны (ёгурту), арахісам і
зелянінай. Смачна есці!
Comments
Post a Comment