ПЕРНІКІ LAST MINUTE

коўшык 107
ЗРОБЛЕНА, ЗʼЕДЗЕНА, АДОБРАНА


Пра пернікі часта пішуць, што, маўляў, трэба іх рабіць загадзя. У ідэале так і ёсць. Бо печыва на мёдзе вельмі цвёрдае, а каб стала больш мяккім яму патрэбна вільгаць і час. Але па досведзе, мае пернікі ніколі не ляжалі столькі, каб памякчэлі самастойна. Я нават люблю такую хрупкасць, якая выдатна пасуе да кавы ці гарбаты. Карацей, не трэба замарачвацца, трэба проста рабіць!

PS Калі вы ўсё ж любіце больш мяккія пернікі, у каробачку з імі палажыце некалькі кавалкаў яблыка.

Складнікі (на каля 60 пернікаў):

300 гр. пшанічнай мукі
100 гр. жытняй мукі з цэльнага зерня
2 яйка
100 гр. цукровай пудры
100 гр. сметанковага масла, растопленага і злёгку астуджанага
100 гр. мяккага мёду або 3 вялікія лыжкі (я часта раблю «на вока»)
1 лыжку прыправы для пернікаў
2 лыжкі какава
1 лыжачка соды


Змяшаем усе складнікі і замесім цеста. Калі яно вельмі ліпкае, то дадаем крыху мукі. Цеста раскатваем да таўшчыні прыкладна 4 мм. Памятайма, падсыпаць невялікай колькасцю мукі, каб не прыліпала. Выкройваем розныя формы пернікаў. Выкладваем на бляху, пасыпаную мукой. Пернікі варта пашмараваць яйкам для прыгожага колеру. Выпякаем пры тэмпературы 180 ° С прыблізна 8 – 10 хвілін. Працягласць залежыць ад памеру пернікаў, маленькім патрэбна менш часу. Гарачанькія здымаем з бляхі. Ласавацца можна адразу. Смачных вам святаў!





Comments

Popular Posts