ВЕРАШЧАКА З ГРАЧАНЫМІ БЛІНАМІ


коўшык 95
ПАЧАСТАВАЛІ ВАРШАВЯКАЎ, ПАЧАСТУЕМСЯ І САМІ

Мачанка – адзін з сімвалаў беларускай кухні. Месцамі ўлюбёная, месцамі забытая. У кухні Вялікага княства Літоўскага ведалі яе розныя варыянты, мы ж для варшавякаў згатавалі верашчаку паводле рэцэпту каралеўскага кухмістра Верашчакі. Гэта ён недзе ў сярэдзіне XVIII стагоддзя дадаў у мачанку піва. Як кажуць легенды, яшчэ больш папулярнай страва стала ў ХIХ стагоддзі дзякуючы супадзенню назвы з прозвішчам каханай паэта Адама Міцкевіча Марылі Верашчакі.

P.S. Вялікі дзякуй Дзіме Ягораву за фотаздымкі)

Для верашчакі патрэбна:

4 белыя каўбаскі
150 гр. грудзінкі
100 гр. цыбулі
50 гр. мукі
0,5 л. піва
кмен
лаўровы ліст
перац чорны гарошак
соль

Для тонкіх грачаных бліноў патрэбна:
150-200 гр. грачанай мукі
50 гр. пшанічнай мукі
2 яйкі
малако
соль
цукар
алей для смажання

Грудзінку пакроім саломкай і падсмажым на патэльні. У вытаплены тлушч дакінем дробныя кубікамі цыбулю і падсмажым да залацістага колеру.

Тым часам каўбаскі адварым у піве са спецыямі. Гатовыя пакроім кавалачкамі. Піўны бульён працэдзім і дадамо цыбулю, скваркі ды каўбаскі.


На сухой патэльні падсмажым муку да крэмавага колеру, астудзім і развядзем паловай шклянкі халоднага булёну да аднароднай кансістэнцыі. Гэтую сумесь тонкім струменьчыкам, увесь час памешваючы, уліем у верашчаку з каўбаскамі і потым на павольным агні падгатуем да загусцення. Падаем з грачанымі блінамі. Смачна есці!



Popular Posts