КРАКЕТЫ З КВЯЦІСТАЙ КАПУСТЫ

коўшык 70
КОЛЕРЫ КАПУСТЫ



Чаму цвятную капусту так называюць? – задумалася я на рынку, узіраючыся ў белы качан. Другое пытанне: купіць ці не купіць, бо хлопцы – не вялікія аматары гэтай гародніны. Але кіруючыся правілам «не паспрабуеш – не палюбіш», канешне ж, набыла, мяркуючы, што напэўна прыдумаю нейкі новы спосаб на квяцістую капусту.

Цвятной яе часта называюць і ў нас, але сэнс у гэтым нават падвойны. Першы – ад слова цвісці (або квітнець). А яшчэ яе можна сустрэць не толькі белую, але і памаранчавую, зялёную ды фіялетавую.

патрэбна:
сярэдняга памеру квяцістая капуста
2 яйкі
цыбуля
4 сталовыя лыжкі сухароў для паніроўкі
5 сталовых лыжак манкі
жменя нарэзанай зеляніны (я выкарыстала зялёную цыбульку, што расла ў слоіку :) )
сок з паловы цытрыны
паўшклянкі старакаванага сыру (тыя, хто дбае пра фігуру, можа прапусціць)
дробка солі
алей для смажання

Капусту падзелім на суквецці і гатуем да паўгатовасці. Перакідваем у міску і прыладаю для пюрэ таўчэм гародніну, але не да гладкай кансістэнцыі. Нам не патрэбнае пюрэ, хочацца адчуваць кавалачкі капусты ў кракетах. Кроім цыбульку дробненька і падсмажваем на алеі да залацістага колеру. У місцы змешваем капусту з яйкамі, цытрынавым сокам, сырам, смажанай і свежай цыбуляй ды спецыямі. Калі фарш атрымаўся занадта рэдкім, дадайце яшчэ манкі. Цяпер вільготнымі рукамі фармуем кракеты, абточваем сухарамі ды смажым.

Порцыя адпаведная для чатырохасабовай сям’і, а калі застанецца – не бяда. Іх можна з’есці халоднымі ці падагрэць. Смачна і калярова есці!



Comments

Popular Posts