СУП З ЦЫБУЛІ-ПАРЭЮ І САЛЕРЫ

коўшык 62
Еш – не хварэй



Доўгі час парэй лічылі мала вартаснай гароднінай і ўжывалі ў якасці гарніру ці загушчальніка. Пакуль яе не ацаніў рымскі імператар Нерон, які атрымаў мянушку porrophagus – Пажыральнік парэю. Нерон быў упэўнены, што тушаная цыбуля-парэй у спалучэнні з аліўкавым алеем дапамагае ўмацаваць голас і дапамагае падчас публічных выступаў.

Гіпакрат рэкамендаваў парэй кормячым маці, лячыў ім сухоты, захворванні нырак ды крывацёк з носу. Парэй аблягчае кашэль (у такім выпадку з парэю робім сіроп) і ўзмацняе патэнцыю.

Чаму мы так мала любім цыбулю-парэй? Можа таму, што проста не вельмі ведаем, што з яе рабіць. Мой самы просты варыянт – салата з парэю і яблыка (пакроім цыбулю, старкуем яблык, дадамо ёгурт). А якія цудоўныя супы з парэю!

патрэбна:
1 цыбуля-парэй
1 невялікая салера
1 морква
75 гр. вяршковага масла
стары хлеб на грэнкі
жоўты сыр
куркума
кмен

Белую частку парэю пакроім, падсмажым на масле. Я раблю гэта адразу ў рондалі, каб потым мыць менш посуду. Моркву пакроім дробнымі кубікамі і дадамо да парэю. Тое самае з салерай. Заліем вадой і гатуем хвілін 15-20 да мяккасці. Дадамо куркуму для колеру і соль для смаку.
На патэльні падсмажым кавалачкі старога хлебу з аліўкавай алеяй. Прыправім дробкай кмену.

Тыя, хто любяць суп-пюрэ, могуць смела ўжыць блэндэр. Хоць не абавязкова. Падаю суп з грэнкамі і старкаваным сырам. Смачна есці!


Comments

Popular Posts