ПУХНАТЫЯ БЛІНЫ З ІКРОЙ І СМЯТАНАЙ

коўшык 61
А Ў НАС СЁННЯ МАСЛЕНІЦА




Да канца Маслёнкі засталося толькі два дні а таму, абавязкова мусіце паспець.... Да чорта дыеты, сёння пячэм бліны!

Блін сімвалізаваў сонца і меў рытуальнае значэнне, асабліва для ўспамінання продкаў. На маслёнку бліны пяклі і елі не проста так, а каб ушанаваць «маладое» веснавое сонца і далучыцца да яго жыватворнай моцы. Ну што ж з задавальненнем далучымся!

А ў нас сёння масленіца, масленіца,
Прыляцела ластавіца, ластавіца,
Прынясла бліны ў рэшаце, рэшаце,
Паставіла на стаўбе, на стаўбе.
А вы , хлопцы, не зявайце, не зявайце,
Вы гэтыя бліны пацягайце, пацягайце.

(запісалі С. Раўкова, Л. Сярмажка ў 1983 г. у в. Машканы, Сенненскага раёна)

Такія блінцы я паспрабавала ў Карпатах. Нашая гаспадыня іх рабіла такімі смачнымі, што аж вушы трэсліся. Рэцэпт недзе згубіўся за столькі гадоў. Але гэты - нічым не горшы.

патрэбна:
350 гр мукі (або 250 г грачанай і 100 г пшанічнай)
25 г свежых дражджэй ( ці 7 гр сухіх)
2 кубкі цёплага малака
40-50 гр растопленага масла
1 жаўток
1 гарбатная лыжка цукру
1 гарбатная лыжка солі
сланечнікавы алей
смятана
ікра добрай якасці

Дрожджы распусцім у 1/4 шклянцы цёплага малака з 3 сталовымі лыжкамі мукі. Пакінем у цёплым месцы хвілін на 15, каб падняліся і пачалі працаваць.

У місцы спалучаем рэшткі мукі, цукар, соль, яйкі, малако і алей, каб атрымалася гладкае цеста. Дадаем дрожджы, мяшаем і пакідаем яшчэ на паўгадзінкі, каб выраслі нашыя блінчыкі прынамсі ўдвая. Разаграваем патэльню з алеем бліны выкладваем лыжкай замочанай у вадзе (так цеста не прыстае). Бліны смажым да залацістага колеру. На кожным бліне робім пляму смятаны і ўпрыгожваем ікрой. Адразу падаем. Смачнай Масленіцы!


Comments

Popular Posts