ГАСПАЧА

коўшык 39
ОЛА, ІСПАНІЯ Ў МАЁЙ ТАЛЕРЦЫ




Мы з мужам вельмі любім іспанскую кухню. На наш густ, яна нават лепшая за італьянскую (так-так!). А найлепшая страва – іспанскі халаднік – гаспача. Паўлітра можна набыць проста ў супермакеце за 2 еўры, толькі трэба не забыцца пра багет. Выдатны ланч на пляжы! Чамусьці мне заўсёды падавалася, што гэтую страву рабіць складана. Але прыйшло чарговае лета, і я даспела. Цяпер і вы далучайцеся да клубу аматараў гаспача – найлепшага халадніку на свеце. 

Патрэбна:
6 саспелых памідораў (найлепш гатункаў “Малінаўка” ці “Бычынае сэрца”)
3 невялікія гуркі
1 чырвоная салодкая папрыка
2 зубкі часныку
чвэрць цыбуліны
соль
паўшклянкі аліўкавага алею “Extra virgin” (найлепей іспанскага)

Памідоры мыем, надразаем крыжык на попцы, абдаем кіпнем і знімаем скуру. Рэжам кубікамі. Гуркі чысцім ад скуры і кроім. Папрыка таксама ідзе пад нож. Дробненька сячэм цыбулю і часнык. Крыху гуркоў і папрыкі пакінем для ўпрыгожання. Цяпер усе складнікі засыпаем у вялікі рондаль і пачынаем міксаваць блэндарам. Калі кансістэнцыя стане гладкай, дадамо алей і яшчэ каля 3 хвілінаў міксуем. Ставім у лядоўню. Халоднае гаспача падаем з грэнкамі і гароднінай. ¡Buen provecho!





Comments

Popular Posts