СУП З САЧАВІЦЫ НА ХАЛОДНЫЯ ДНІ
коўшык 18
САГРЭЦЦА Ў ВЕРСІІ ЛАЙТ
Бабіна лета не спяшаецца. Надвор’е, як скардзяцца
сіноптыкі, анамальна халоднае. Відаць, ад халаднікоў і салатаў трэба перайсці
на цёплае харчаванне. Таму сёння падзялюся з вамі лёгкай версіяй супу з
сачавіцы, які спадабаецца і вегетарыянцам. Танны, смачны, хуткі!
Патрэбна:
паўшклянкі сачавіцы
2 морквы
2 памідоры
2 зубкі часныку
соль
перац
алей
свежы (!) корань імберцу
кары
сыр фэта
аліўкі
Прыкладна сантыметр кораня імберцу старкуем,
часнык пасячэм не надта дробна. У рондалі падагрэем крыху алею, падсмажым імберац
разам з часныком. Увага! Сачыце, каб не падгарэў, бо гэта можа здарыцца вельмі
хутка. Моркву пачысцім і нарэжам доўгай саломкай (гэтак яна вельмі прыгожа
выглядае ў супчыку) і дадамо яе да імберцу з часныком. Патрымаем на агні яшчэ 5
хвілінаў. З памідора аблупім скурку і нарэжам кубікамі, сачавіцу прамыем,
адправім і іх у рондаль. Заліем вадой. Пасолім, паперчым і падсыплем крышку
прыправы кары. Як закіпіць, будзем варыць яшчэ 10–15 хв., каб сачавіца стала мяккай,
але не разварылася. Падаем, як у Грэцыі: з сырам фэта і аліўкамі. Bon Appétit!
Comments
Post a Comment