ЗАПЕЧАНАЯ ПАПРЫКА З ДЗАДЗЫКІ


коўшык 19

БЕЗ РЫСУ, ЗАТОЕ З ФЕТА



Працягваем вывучаць восеньскія смакі. На базары купіла цэлы пакет чырвонай, хрусткай, пузатай папрыкі. Яе можна проста запячы з зелянінаю і алеем – у духоўцы страва набудзе салодкі смак. Можна спажыць як закуску з дзадзыкі або дадаць у салату. Але я сёння папаную вам мой варыянт фаршыраванай папрыкі. Зрабіць вельмі проста, выглядае эфектна і, галоўнае, смакуе!

патрэбна:
3 пярчыны папрыкі
кіля фаршу з ялавічыны і свініны
100 г салёнага сыру (найлепей фета)
1 цыбуліна
чорны перац
½ літра таматнага соку

на соус:
натуральны ёгурт
часнык
гурок
соль

Папрыку памыем, разрэжам напалову і дастанем насенне. Падрыхтуйма фарш. Цыбульку дробненька пакроім і дадамо да мяса. Невялікія кавалачкі сыру фета таксама кідаем у міску. Паперчым і энергічна перамяшаем. Падрыхтаваным мясам нафаршыруем гародніну. Укладзем папрыку на бляшку для запякання і заліем таматным сокам. Хвілінаў за 10 да гэтага трэба разагрэць духоўку да 140 градусаў, каб добра напалілася. Будзем пячы страву каля 40 хвілінаў (варта ўпэўніцца, што мяса прыгатавалася).



Да печанай папрыкі пасуе моцна часныковы традыцыйны грэцкі соус дзадзыкі. Гэтым разам выкарыстаем спрошчаную версію. Гурок патаркуем, выціснем сок. Калі гэтага не зрабіць, то соус будзе занадта вадзяністы. Часнык дробненька пасячэм. Змяшаем ёгурт з гурком і часныком. Крыху пасолім. Падаваць папрыку на стол будзем з дзадзыкі і добрым настроем. Смачна есці!


Comments

Popular Posts