КУРЫЦА Ў ЁГУРТАВЫХ АБЛОКАХ
Па(есці)лёгка
з сонечным акцэнтам
коўшык 5
Часам не хочацца мудрыць, тады можна з’есці нешта простае. Абед для тых,
хто памятае не толькі пра свой страўнік, але і фігуру. Адно з правілаў маёй кухні
– імкнуцца не спалучаць вугляводы з бялкамі. Шмат гародніны, мінімум тлушчу і
свежы смак з трох кампанентаў: курыцы, дыпу і салаты. Урэшце, мы не толькі ўяўляем
з сябе тое, што мы ямо, мы і думаем так, як мы ямо. Даказалі гэта навукоўцы, а
таму варта кухарыць з галавой. Болей жа пра ўплыў ежы не толькі на нашае цела,
але і на мазгі абяцаю распавесці ў наступных коўшыках...
Патрэбна:
Мяса і марынад:
курыныя грудкі, або, па-нашаму, пелькі
сок з паловы памаранча
скурка траціны цытрыны
чабор
аліўкавы алей
крыху солі
перац
дып:
натуральны (грэцкі) ёгурт
гурок
часнык
мята
крыху солі
салата:
2 морквы
яблык
натуральны ёгурт
міндаль у шматках
У сок з памаранча дадамо скурку цытрыны, некалькіх лыжак аліўкавага алею, дзве
галінкі чабору – і замарынуем у гэтым мяса курыцы. Не забудземся на соль і
чорны перац. Так пакінем у лядоўні мінімальна на 20 хв.
Тым часам зробім дып. Гурок патаркуем, выціснем сок. Часнык здробнім. Далей
проста змяшаем ёгурт (у багатай версіі можна ужыць грэцкі) з гурком, часныком,
жменяй раздробненай мяты. Крыху пасолім – і таксама ў лядоўню.
Яблык і моркву памыем і падзярэм на бурачковай тарцы. І зноў наш герой –
заменнік смятаны і маянэзу - ёгурт. Колькасць – на вока! Сюды ж крыху солі і 50 г
злёгку падсмажанага міндаля ў шматках (можна замяніць іншымі гарэхамі ці
семкамі).
Патэльню-грыль добра разагрэем. Курку будзем смажыць прыкладна 10 хв з
кожнага боку, мае быць залацістая звонку і сакавітая ўсярэдзіне. Выкладаем на
талерку – і можна спажываць у неабмежаванай колькасці без згрызотаў сумлення.
Смачна есці!
Comments
Post a Comment