САЛАТА З ЛАСОСЕМ І ГРЭЙПФРУТАМ

коўшык 43

ЛАНЧ НА ДВАІХ


Не люблю гэтых замежных акрэсленняў: ланч, бранч, дынэр. Але наш традыцыйны абед – гэта першае, другое + кампот. Для мяне, напэўна, зашмат. Таму сёння прапаноўваю ідэальную салату на лёгкі ланч у кампаніі сімпатычнай асобы.

Патрэбна:
шпінат (рукала ці іншая зеляніна)
300 г ласосю
авакада
грэйпфрут
цукровая цыбуля (можа быць звычайная)
гарбузовыя семкі

на дрэсінг:
аліўкавы алей
1 лыжачка муштарды
1 лыжачка мёду
2 лыжкі соку з грэйпфрута

Ласося разразаем на 2 кавалкі, злёгку падсольваем і крыху перчым. Смажым на патэльні, не дадаючы тлушчу, хвілінаў 3–5 з кожнага боку (залежыць ад таго, любіце больш далікатную ці добра высмажаную рыбу). Ласось дастаткова тлусты, таму калі добрая патэльня, праблемаў быць не павінна. Я спачатку кладу на патэльню з боку філе, а потым пераварочваю на шкурку. Так смажу ўсю рыбу. Гэта хітрык, падгледжаны ў нейкага шэф-кухара. Потым накрываем накрыўкай і пакідаем ласося пакуль на патэльні.

Семкі крыху падсмажым на сухой патэльні. Мыем шпінат і сушым папяровым ці проста чыстым ручніком. З грэйпфрута, цыбулі ды авакада здымаем скурку і кроім іх на кавалачкі.

Робім дрэсінг. У слоік наліваем каля 50 г алею, мёд, муштарду, 2 лыжкі соку з грэйпфрута. Закручваем накрыўкай і моцна трасем.

У місцы рукамі мяшаем лісцікі шпінату з дрэсінгам. Увага, крыху дрэсінгу пакіньце, спатрэбіцца для сканчэння нашай цуда-салаты.

Выкладваем на талеркі спачатку шпінат, потым кавалачкі гародніны, рыбку, пасыпаем семкамі. Кропка над «і» – некалькі кропель дрэсінгу. Запрашаю за стол! Смачна есці!




Comments

Popular Posts