ТАРТ СА СЛІВАМІ І ШАКАЛАДАМ-М-М-М....

коўшык 42
самае лепшае з лета і восені



У паветры адчуваецца восень, хоць удзень яшчэ па-летняму цёпла. Слівы – ідэальны матэрыял для дэсерту на пераломе пораў года. Даўно я не выкарыстоўвала форму для тарта. Дачакалася. Да таго ж гэты варыянт, можна сказаць, дыетычны, бо ў кавалку амаль няма цеста, толькі слівы. Добрая матывацыя для працы.

патрэбна:
200 г мукі з цэльнага зерня
100 г звычайнай мукі
3 лыжкі мёду
2 лыжкі какавы
1 яйка
700 г сліваў
крыху горкага шакаладу

на пасыпку:
50 г мукі
50 г аўсяных шматкоў
50 г масла
1 лыжка цукру ці мёду


Уключым духоўку на 180 градусаў, няхай грэецца. Цяпер цеста. Муку з маслам добра расціраем рукамі. Потым дадаем мёд, яйка і яшчэ раз месім так, каб з цеста паўстала гладкая куля. Адпраўляем яе памарозіцца. Цяпер робім пасыпку. У невялікай місцы рукамі расціраем усе складнікі. Слівы мыем і разразаем напалову, вымаем косткі. Дастаем з лядоўні кулю і раскатваем, выкладваем у форму. Відэльцам праколваем цеста і адпраўляем на 10 хвілінаў у духоўку. На падпечаны корж выкладваем слівы. У кожную дзірачку ад косткі – па маленькім кавалачку шакаладу. Пасыпаем ужо гатовай пасыпкай. Тарт адпраўляем у духоўку яшчэ на 30 хвілінаў. Ах, які пах... Смачна есці!




Comments

Popular Posts