САЛАТА З КАВУНОМ, ФЕТАЙ ДЫ КУСКУСАМ І ПЕСТА З МЯТЫ
коўшык 38
КАВУНОВАЕ КАХАННЕ
Гэтая салата – адна
з найлепшых на час спёкі і вельмі
сексуальная, на маё сціплае меркаванне.
Свежая, лёгкая і з арыгінальным смакам.
Кавун для гэтай стравы не мусіць быць
вельмі салодкі. Таму калі раптам купілі,
а ён «не надта» – самае тое для нашага
рэцэпту.
Кускус прыйшоў з
Блізкага Усходу. Яго галоўны плюс ў тым,
што не трэба варыць – «толькі дадай
вады». Сама каша з цвёрдай пшаніцы мае
нейтральны смак, але прыправы робяць
цуды. Адно з такіх цудаў пакаштуем сёння.
Небанальны варыянт на лёгкую вячэру з
каханым, калі хоць есці і не хочацца,
з’ядаеш усё і ледзь не вылізваеш талерку.
І пасля абсалютна не адчуваеш цяжару ў
страўніку, затое атрымліваеш багата
энергіі.
на 2 асобы патрэбна:
палова пачкі кускусу
(можна замяніць просам, але трэба будзе
зварыць і астудзіць)
200 г сыру фета
чвэрць невялікага
кавуна
салідная жменя
ліcткоў свежай мяты
аліўкавы алей
каля 50 г фісташак
соль
перац
Кускус паліваем
2–3 лыжкамі алею, перчым, солім. Заліваем
кіпнем на 2–3 см вышэй узроўню кашы і
закрываем накрыўкаю.
Зробім песта. Мяту
памыем. У блэндар закідваем лісткі,
наліваем каля 70 г алею і ссыпаем фісташкі
(без шкарлупінаў :) ). У пульсацыйным
рэжыме міксуем, каб атрымалася кансістэнцыя
густога соусу.
Фета асцярожна
кроім даволі саліднымі кубікамі, паліваем
паловай песта і пакідаем на 10 хвілінаў,
каб сыр крыху замарынаваўся ў нашым
духмяным соусе.
Цяпер кавун. Парэжам
на даволі вялікія кавалкі – кубікамі
ці адвольна, як каму падабаецца.
Кускус варта добра
размяшаць відэльцам, тады ён стане больш
пульхны, і дадаць некалькі лыжачак песта
для смаку.
Падрыхтоўку скончылі.
Выкладаем на вялікую талерку. На сярэдзіну
– кускус, на яго – фета і кавун. Зверху
і на бакі талеркі – яшчэ крыху песта. Я
ўпрыгожыла праросткамі брокалі. Падаем
з вадой з гурком і лісцікам мяты. Смачна
есці!
Comments
Post a Comment