ГАРОДНІНА З ЛІСІЧКАМІ


коўшык 37
НЯСПЕШНАЯ ЛЕТНЯЯ ВЯЧЭРА



Лета. Паездкі. Даўно не гатавала сама. Як вярнулася дадому, рукі пацягнуліся да патэльні. І што б тут на летнюю вячэру начараваць? Натхнілі лісічкі. З імі і яешня, і суп, і бульба. Я ж шукала здаравейшы і дыетычнейшы варыянт, таму абрала гародніну, а лісічкі сталі кропкай над і. Свежасці дадаў соус з кропам і часныком. У такую спякоту варта не спяшацца і пачакаць, калі патэльня крыху астыне. Шырока адчыніць вакно і атрымліваць асалоду. Гэта сапраўдны слоў-фуд.

Патрэбна:
кабачок
чырвоная папрыка
5 маладых морквінаў
соль
перац
правансальскія травы
аліўкавы алей
каля паўкілі лісічак
цыбуля
200 г тварагу
5 лыжак смятаны ці ёгурту
кроп

Лісічкі чысцім і належна мыем. Варым каля 15 хвілінаў. Цяпер марынуем гародніну. Кабачок рэжам колцамі, папрыку – паскамі, моркву, калі зусім маладзенькая, можна пакінуць цэлай ці разрэзаць напалову. У міску дадамо алею, солі, крыху перцу і правансальскіх зёлак і ўсё перамяшаем ды пакінем на хвілінаў 15.

Патэльню-грыль разагрэем і выкладзем гародніну. Не дадаем тлушчу, бо алей ужо ёсць з гароднінай. Смажым на павольным агні. Тым часам дастаем блэндар. Зоймемся соусам. Тварог, часнык, кроп і 3 лыжкі ёгурту, дробка солі і перцу – усё гэта змешваем да аднароднай кансістэнцыі. Падаем на вялікай талерцы. Смачна есці!






Comments

Popular Posts