ПІРОГ З РЭВЕНЕМ І КЛУБНІЦАМІ, ЯКІ ЗНІКАЕ НА ВАЧАХ
коўшык 33
ХУТКА І СМАЧНА
ЎЗДЫМАЕ НАСТРОЙ
коўшык 33
ХУТКА І СМАЧНА ЎЗДЫМАЕ НАСТРОЙ
З калегамі з інтэрнэт-рэдакцыі дамовілася на
бартэр: амерыканскі сцяг на пірог (мой сын вялікі фанат сцягоў розных краінаў).
Абяцанае трэба выконваць. Гэтак у пакоі з’явіўся яшчэ цёплы пірог з рэвенем і
клубніцамі ды гарэхаваю пасыпкай. Дзяўчаты тэрмінова папрасілі рэцэпт.
Патрэбна:
300 г мукі
100 г цукру (можна менш)
1,5 лыжачкі парашку для выпечкі
дробка солі
ванільны цукар
200 мл кефіру
2 яйкі
100 мл алею
200 г клубніцаў
300 г рэвеню
на пасыпку:
50 г масла
50 г мукі
50 г аўсяных шматкоў
50 г лясных гарэхаў
50 г цукру (можна з водарам мігдалу)
У адной місцы злучым усе сухія рэчывы, а менавіта
муку, цукар, разрыхляльнік, ванільны цукар, соль. У другой – вадкія: кефір,
яйкі ды алей, энергічна разбоўтаем лыжкаю (не міксерам). Кефірную масу выліем у
сухія інгрэдыенты, усё перамяшаем – таксама лыжкаю. Цеста мае быць з невялікімі
камякамі, таму асабліва не трэба старацца. Добра вымешанае цеста занадта зацвярдзее
пасля выпякання.
Рэвень памыем, пакроім на кавалачкі каля 1 см,
крыху прысыплем цукрам. Клубніцы пачысцім, вялікія разрэжам напалову. Цяпер
зробім пасыпку. У місцы змяшаем усе складнікі ды добра разамнем рукамі.
Форму пашмаруем маслам або засцелем пергаментам (сіліконавыя
і керамічныя – неабавязкова). Выкладзем цеста, наверх рэвень, клубніцы і
пасыпку.
Выпякаць будзем недзе 35 хвілінаў пры 200 °С. Падаем са шклянкаю
халоднага малака ці філіжанкаю кавы. Смачнага дня, калегі!
PS
Фоткайце хутчэй, бо ён знікае!
здымкі
Дзімы Ягорава
Comments
Post a Comment