МІГДАЛАВЫ ПІРОГ З ЯБЛЫКАМ І МОРКВАЙ


коўшык 22
РАЗАГРЭЕМ ВОСЕНЬСКІ ВЕЧАР



У маім блогу вельмі рэдка гасцююць пірагі і дэсерты. Хоць вельмі люблю пячы і з задавальненнем ем, але здаровы глузд не дазваляе мне рабіць гэтага занадта часта. А таму калі я ўсё ж наважваюся, то імкнуся, каб прысмакі былі як мага здаравейшыя. І вось прыклад: пірог з мігдалавай мукой, вільготны ад яблык, – цудоўнага морквавага колеру. Запрасі сяброўку і даставай тарку!

Патрэбна:
2 невялікія морквы
3 яблыкі
4 яйкі
100 г мяккага масла
100 г цукру
100 г кукурузнай ці пшанічнай мукі
125 г мігдалу
паўлыжачкі парашку для пячэння

Пачнем з мігдалу, які напачатку трошкі падсмажым на патэльні (без тлушчу!), а потым рашуча змелем у блэндары, ледзь не ў муку. Моркву памыем, паскрабем і дробна патаркуем, 1 яблык памыем, аблупім і адправім на бурачковую тарку. Увага, 2 яблыкі трэба пакінуць для ўпрыгожання. Аддзелім бялкі ад жаўткоў. Жаўткі ўзаб’ем з 50 грамамі цукру і маслам, якое можна дастаць з лядоўні загадзя, каб стала мяккае.

Муку прасеем і змяшаем са змолатым мігдалам і парашком для пячэння. Патрошку дадамо ў жаўтковую сумесь, працягваючы ўзбіваць. Калі маса стане аднародная, укінем старкаваныя моркву і яблык. У асобнай місачцы ўзаб’ем бялкі з рэштай цукру – і далікатна ўліем у цеста.

Падрыхтуем форму (каля 25 см), выкладзем пергамінам. Гатовае цеста выліем у форму. Трэба выраўняць паверхню і ўпрыгожыць. 2 яблычкі са скуркай пакроім тоненькімі лустачкамі, і гэтак, як нашая фантазія падкажа, выкладзем на пірог. Пячы будзем прыкладна 45 хвілінаў. Гатовы пірог можна пашмараваць сочывам з абрыкосаў. Спадзяюся, сяброўка паспела прыйсці. Смачнага вечара!



Popular Posts