КАШОТТА З ВЕШАНКАМІ


коўшык 21
БЕЛАРУСКАЯ ВЕРСІЯ РЫЗОТТА



Трэба есці кашу, – казала мама. – Ну, з'еш яшчэ лыжачку!.. Чамусьці ў дзяцінстве мы не любілі кашаў. Магчыма, малюнкі са школьнай сталоўкі з манкаю, якая не адрывалася ад талеркі, глыбока залезлі ў нашую падсвядомасць. А я яе перамагла. Цяпер кашы люблю вельмі, любіць іх і мой сын. Трэба толькі, каб кашкі былі смачныя і разнастайныя. Не з тапара, вядома, а сёння – з вешанкамі.

200 г пярловай крупы
250 г вешанак
2 невялікія цыбуліны
200 мл вяршкоў
соль
перац
1–2 кальрабі
смятана

Крупу прамыем халоднаю вадой і зварым al dente – то бок яна мусіць быць не развараная, а эластычная.
Цыбульку дробна пасячэм і падсмажым на масле. Вешанкі прамыем і нарэжам не надта тонкаю саломкай. Падсмажым разам з цыбулькаю хвілінаў 10. На гэтую ж патэльню дадамо гатовую пярлоўку. Заліем паловаю вяршкоў, добра перамяшаем. Пасолім, паперчым, будзем сачыць: як каша зробіцца надта густая, то падліем яшчэ вяршкоў. Перад падаваннем наверх можна старкаваць крыху сыру з выразным смакам (пармезан, дзугас, белавежскі вэнджаны) – каму які даспадобы.





Я падаю з салатаю. Ачышчаную кальрабі таркую на бурачковай тарцы, салю і змешваю са смятанай. Смачна кашу есці!



Comments

Popular Posts