ЛЕТНІЯ ЯГАДЫ НА ПЯРЫНЦЫ З АЎСЯНКІ

коўшык 36
МОЖНА АДЧУЦЬ САБЕ МЛЫНАРОМ



Салодкага хочацца заўсёды, асабліва поўным колераў і смакаў летам... Але акурат у гэты час мы з асаблівай увагай сочым за фігураю. На шчасце, здаровы лад жыцця спрыяе крэатыўнасці. Да вашай увагі – маё новае вынаходніцтва. Ад масла я адмовіцца не змагла, затое цеста – крохкае і мае цудоўны вяршковы смак.
Часам можна дазволіць сабе тое-сёе...

Патрэбна:
паўтары шклянкі аўсянкі
паўшклянкі мукі
2 яйкі
3 лыжкі мёду
100 г масла
лыжачка разрыхляльніку

міска ягадаў (парэчкі, клубніцы, чарніцы)

пасыпка:
50 г масла
паўшклянкі аўсянкі
жменя гарэхаў (я выкарыстала грэцкія)
2 лыжкі цукру


Уключым духоўку на 180 градусаў. Аўсянку змелем у блэндары да стану мукі. Прыемнае пачуццё – прапусціць праз пальцы ўласнаруч зробленую муку. Не пераймайцеся, калі не будзе такая гладкая, як у краме. Яна ўсё адно ў сто разоў лепшая і смачнейшая. У місцы змяшаем нашую муку і паўшклянкі звычайнай мукі, дадамо масла і яйкі, крыху мёду і разрыхляльнік. Усё інтэнсіўна вымесім рукамі. Гатовае цеста раскатаем і перакладзем у форму. Паставім у духоўку на 15 хвілінаў. За гэты час памыем і пачысцім ягады. У місцы па цесце разатрэм рукамі аўсянку, масла, раздробленыя гарэхі і цукар. На падпечаную пярынку выкладваем нашыя сакавітыя ягады і пакрываем коўдраю з пасыпкі. Засталося пекчы яшчэ 15 хвілінаў. Частуемся без згрызотаў сумлення. Смачна есці!





Popular Posts