РАЗАГРАВАЛЬНЫ СУП З ПАЛЕНТАЙ

коўшык 30
САЧАВІЦА – НА ЗДАРОЎЕ!



Гэтыя рознакаляровыя зярняткі хаваюць ў сабе багацце смаку і карысці. Сачавіца – самая здаровая прадстаўніца сямейства бабовых. У старажытнагрэцкі і рымскі час лічылася ежай беднякоў. У габрэйскай кухні, прыгатаваная з пшаніцай, падаецца як пакаянне. Сёння сачавіца – фаварытка вегетарыянцаў, бо ў ёй шмат бялку, і яна паспяхова замяняе мяса. Дыетолагі рэкамендуюць есці яе не толькі тым, хто ўжывае мала мяса, а і спартоўцам ды людзям, якія працуюць фізічна. Спіс карысных інгрэдыентаў доўгі: фоліевая кіслата, крухмал, кальцый, фосфар, жалеза. Акрамя таго, сачавіца мае вельмі нізкі глікемічны індэкс. Я ж люблю сачавіцу за ўсе гэта, а таксама за смак і прастату прыгатавання. Таму гэта не першы і не апошні рэцэпт – я вам абяцаю...

На суп патрэбна:
шклянка чырвонай сачавіцы
парачка чылі
4 зубкі часныку
1 морква
1,5 літра вады
2 лыжкі алеі сланечнікавай ці рапсавай
лыжачка салодкай папрыкі

На паленту патрэбна:
шклянка кукурузнай кашы (лепш дробнай)
3 шклянкі вады
100 г мацарэлы
некалькі сушаных памідораў (неабавязкова)
соль
перац

Сачавіцу добра прамыем. Моркву патаркуем на бурачковай тарцы. Папрычку (ці палову, калі не любіце занадта пякучыя стравы) дробна пасячэм. У рондаль наліем алею і кінем моркву, якую крыху падсмажым, каб стала саладзейшая. Дадамо сачавіцу, папрыку, раздроблены часнык і пасмажым яшчэ з 2 хвіліны. Усе заліем вадой, гатуем 15–20 хвілінаў, каб сачавіца стала мяккая. Потым застанецца толькі блэндар: 30 секундаў – і суп-пюрэ гатовы. Прыправім соллю, чорным перцам і салодкаю папрыкаю.

Кашу прамыем і заліем трыма шклянкамі вады. Будзем варыць і абавязкова мяшаць, каб не прыгарэла. Калі палента стане такой густой, што будзе адрывацца ад сценак рондаля, дадамо старкаваную мацарэлу і дробна пасечаныя сушаныя памідоры, пасолім на свой смак і паперчым. Добра перамяшаем. Гарачую паленту выліем у форму. Пакінем у лядоўні. Перад падаваннем парэжам і падсмажым на патэльні-грыль, каб кавалачкі пакрыліся залатою прыгаркаю.




Я падала суп з палентай са смажанымі крэветкамі. Можна проста з зеленню пятрушкі ці базіліка. Смачнага нядзельнага абеду!



Comments

Popular Posts