САЛАТ З БУРАКАМІ, МАЛІНАЮ І ГРЭНКІ З КАЗІНЫМ СЫРАМ


коўшык 17

НАТХНІЛАСЯ ПАЧАТКАМ ВОСЕНІ





Святкаваць пачатак восені хіба не выпадае, аднак восеньскія смакі вабяць... Што будзе, калі спалучыць сыр, хлеб, маліну, бурачкі і гарэхі? Гэта рэцэпт цудоўнай салаты, у якую немагчыма не закахацца. Тут ёсць галоўнае, што я люблю ў гатаванні: выкарыстанне прадуктаў у незвычайнай аранжыроўцы. Ну, што ж, не будзем шмат пісаць, адчыняйма лядоўню і…

патрэбна:

лісты салаты (рукалы ці шпінату)
казіны сыр (можна замяніць сырам з цвіллю)
2 вараныя буракі
маліна
багет
кедравыя арэхі
на дрэсінг:
аліўкавы алей
французская муштарда
мёд
соль
чорны перац

Зялёнае лісце – базу салаты – добра памыем і прасушым. Сыр парэжам на кавалачкі сантыметр-паўтара, пакладзем на лусты багету і будзем смажыць у духоўцы прыкладна 10 хвіляў, каб грэнка стала хрумсткаю, а сыр растаў. На бляху кінем трохі кедравых гарэхаў, тэмпература дадасць ім яшчэ гарэхавага смаку. Тым часам бурачкі парэжам вельмі тонка – прыгожымі колцамі. Дрэсінг: лыжку муштарды, лыжку мёду, 50 г алею, каліва солі і перцу добра змяшаем у слоіку.

Лісткі салаты пяшчотна змяшаем з дрэсінгам і выкладзем на талерку, наверх – буракі колеру восеньскіх кляновых лістоў, крыху малінаў, гарэхі. І апошняе – каранаванне салаты: цудоўныя грэнкі з казіным сырам. Ну, і можна адкаркаваць бутэльку чырвонай “Р’ёхі”! Смачнага восеньскага вечара!



Comments

Popular Posts