ЗАПЯКАЕМ ГАРОДНІНУ З ЯГЛЯМІ
коўшык 31
СТАРАЯ-НОВАЯ ЗОРКА Ў КУХНІ
– На
вячэру сёння яглі.
– Якія
яглі?
– Што не
еўшы спаць ляглі.
Гэтак жартавалі
нашыя продкі. Нам жа сёння гэтак жартаваць не выпадае, бо проса цяпер не
дэфіцыт. А ў жоўтых сонечных зярнятках – ажно 10 % бялка, няма глютэну, затое ў
наяўнасці крэмній, кальцый, жалеза, фосфар, калій і лецыцін. Такая каша
паляпшае стан валасоў, скуры і пазногцяў, падтрымлівае рэгенерацыю суставаў,
чысціць арганізм ад таксінаў, зніжае ўзровень халестэрыну. Проса падсушвае
і мае антывірусныя ўласцівасці. Такім чынам, гатуйце яглі, калі прастудзіліся
ці баліць горла. Хоць заклікаю не абмяжоўвацца выпадкамі хваробы, бо проса дае
нам надзвычай багатыя магчымасці.
Сёння я
выкарыстала баклажан, памідор і авакада, але смела гэты набор можна
мадыфікаваць.
P.S.
Раней падобную страву рабіла з кус-кусам, але з яглямі версія больш здаровая і
смачная.
Патрэбна:
2 шклянкі зваранага проса
1 баклажан
1 авакада
1 памідор
1 морква
1 цыбуліна
рапсавы алей
смятана або гамагенізаваны сырок
мацарэла
соль
перац
куркума
Духоўку ўключым на 160 градусаў.
Цыбулю пакроім і падсмажым на рапсавым масле. Дадамо старкаваную моркву і патрымаем
патэльню на агні яшчэ 3 хвілі. Гародніну памыем і разрэжам напалову. У баклажана
вымем сярэдзіну (якую дробна пасячэм і высыплем на патэльню да цыбулі і морквы),
з авакада дастанем костку, у памідора – насенне. У засмажку дадамо 5 лыжак
смятаны, раней прыгатаваную кашу і добра перамяшаем, прыправім соллю, перцам і
куркумай. Цяпер напоўнім гародніну фаршам. Наверх – некалькі кавалкаў мацарэлы.
Запякаем хвілінаў 20–30, каб гародніна стала мяккая. Смачна есці адразу, а калі
крыху застанецца, то можна ўзяць на працу.
Comments
Post a Comment